Статья в газете "Новы дзень": "Вайны трагічныя старонкі шчадрынцам не забыць"
В статье Жлобинской газеты "Новы Дзень" упоминаются события Второй Мировой войны, комментирует житель Навозов Евгений Висакович. Источник. Приводим статью целиком (на случай если статью уберут с сайта газеты.
Шчадрын і навакольныя вёскі былі вызвалены ад нямецка-фашысцкіх захопнікаў праз дзень пасля таго, як Чырвоная Армія выбіла ворага са Жлобіна – 27 чэрвеня 1944 года. Такім чынам, акупацыя мясцовасці доўжылася без малага тры гады. Многія сотні мірных жыхароў сталі ахвярамі фашыстаў. Поўны летапіс трагедыі яшчэ не напісаны. Таму мы вырашылі ўнесці ў гэтую справу і свой уклад.
За тое, што яўрэі
Да вайны яўрэі складалі асноўную частку насельніцтва Шчадрына. Вось як апісаў трагічныя падзеі, якія адбыліся тут у вайну, ураджэнец мястэчка, вучоны і пісьменнік Майсей Ляхавіцкі: «Жыццё шчадрынскага гета доўжылася каля васьмі месяцаў. Восьмага сакавіка 1942 года фашысты вывелі шчадрынцаў да могілак. Тут ужо быў выкапаны роў, у які заганялі людзей, расстрэльвалі і засыпалі зямлёй. Толькі некалькім шчадрынцам, якія паспелі збегчы ў лес і дабрацца да партызанаў, пашчасціла пазбегчы гэтай долі. Усё астатняе яўрэйскае насельніцтва мястэчка – каля 1500 чалавек было знішчана ў той дзень».
Усіх іх забілі толькі за тое, што яны былі яўрэямі.
Западозрылі ў сувязі з партызанамі
Але згаданы вышэй роў стаў месцам апошняга прытулку не толькі для яўрэяў. Жыхарка Шчадрына Наталля Хоцына расказала аўтару гэтых радкоў: «Мая маці – Кацярына Пятроўна Ралько, жыхарка Дворышча, успамінала, што немцы схапілі нямала і беларусаў, якіх падазравалі ў сувязі з партызанамі. Адных карнікі расстралялі, іншых спалілі. А закопвалі ў рове, дзе ўжо ляжалі забітыя яўрэі».
Колькі дакладна загінула ад рук фашыстаў мірных жыхароў са Шчадрына і навакольных вёсак, невядома, бо адпаведных дакументаў не захавалася, ды, хутчэй за ўсё, іх і не было. Імёны некаторых з ахвяр сталі вядомы дзякуючы ўспамінам іх аднавяскоўцаў. Так, у Шчадрынскім сельскім выканкаме ёсць «Спіс грамадзян, якія былі спалены фашысцкімі акупантамі ў гады Вялікай Айчыннай вайны ў Шчадрынскім сельсавеце». У ім згадваюцца жыхары: вёскі Кіцін – Матрона Харанека, Марыя Харанека; пасёлка Эрд – Іосіф Антонавіч Харанека, Еўдакія Маісееўна Харанека, Лідзія Харанека з дачкой 3-4 гадоў; вёскі Аляксандраўка – Якаў Пятровіч Собалеў, Праскоўя Сяргееўна Собалева, Лявон Якаўлевіч Собалеў, Іван Іванавіч Сухоцкі, Надзея Іванаўна Сухоцкая з сынам 11- 12 месяцаў, Дзмітрый Маісееў з жонкай і двума дзецьмі, Дзямід Маісееў; мястэчка Шчадрын – Міхаіл Іванавіч Міхневіч, Надзея Іосіфаўна Міхневіч з чатырма дзецьмі, Сямён Казлоў, Анастасія Іосіфаўна Казлова з дачкой.
Пра Собалевых расказала ўраджэнка Аляксандраўкі Раіса Іваннікава: «Якаў Пятровіч Собалеў прыходзіўся мне дзядуляй, Праскоўя Сяргееўна Собалева – бабуляй, а Лявон Іванавіч Собалеў – дзядзькам. Мой бацька, Васілій Якаўлевіч Собалеў, успамінаў, што аднойчы каля нашай вёскі быў скінуты савецкі дэсант. Нашым парашутыстам трэба было дабрацца да Чырвонага Берага. Дзядуля згадзіўся паказаць ім дарогу. А калі вяртаўся дамоў, дык яму насустрач выйшлі аднавяскоўцы і папярэдзілі аб тым, што яго сям’ю арыштавалі. Гэта былі карнікі з паліцаямі. Але дзядуля вырашыў застацца са сваёйсям’ёй, сказаўшы: «Там, дзе іголка, там і нітка». Так сталася, што ў гэты момант у хаце дзядулі знаходзіўся і яго брат Лявон – партызан. Яго таксама схапілі. Калі я была яшчэ малой, аднавяскоўцы, якія перажылі акупацыю, расказвалі мне, як карнікі гналі нявольнікаў на расправу, прывязаўшы іх да калёсаў. Вознік сцябаў пугай каня і людзей. У маёй бабулі былі доўгія белыя валасы. Дык яны сталі чырвонымі ад крыві. У Шчадрыне аляксандраўцаў загналі ў хлеў і падпалілі яго. Тады ж арыштавалі і майго бацьку, але потым выпусцілі».
«Адзіночныя» ахвяры
Ёсць у Шчадрыне і адзіночныя магілы. Так, у цэнтры аграгарадка, побач з брацкай магілай савецкіх воінаў і партызан, якія загінулі пры вызваленні населенага пункта, – звыш 50 чалавек, размяшчаецца асобная магіла. Тут пахаваны жыхар Шчадрына Антон Сурмач (1885–1941), які быў расстраляны немцамі як актыўны прыхільнік савецкай улады.
Яшчэ дзве магілы знаходзяцца на вуліцы імя Героя Савецкага Саюза Залмана Віхніна. Тут пахаваны Іосіф Шчура і Іосіф Корзун. У вёсцы Сяліба сёння пражывае Тадзіён Шчура, 1934 года нараджэння. Ён засведчыў: «Іосіф Шчура – мой бацька, а Іосіф Корзун – цесць. Родам мы з Акцябрскага раёна. Пад Шчадрын нас прыгналі адступаючыя немцы. Бацьку і цесця на маіх вачах узялі на прымусовыя работы ў Шчадрын. Там яны ад голаду і знясілення і памерлі. Сам я апынуўся ў нямецкім лагеры для бежанцаў, які на самой справе быў лагерам смерці».
У Бабруйскім лагеры
Многіх жыхароў Шчадрынскага сельсавета фашысты пры адступленні прыгналі ў лагер смерці ў Бабруйску (з лета 1941 года па студзень 1944-га тут знаходзіўся лагер для савецкіх ваеннапалонных). Потым замест іх размясцілі пяць тысяч грамадзянскіх асоб. Сярод нявольнікаў быў і жыхар вёскі Навозы Яўген Віктаравіч Вісаковіч, 1926 года нараджэння. Сёння Яўген Віктаравіч успамінае: «Дамоў вярнуцца я ўжо не разлічваў, бо немцы нам адразу далі зразумець, што мы трапілі ў сапраўдны лагер смерці».
Але Яўгена Вісаковіча і многіх іншых нявольнікаў выратавала тое, што Чырвоная Армія была ўжо побач. Мой субяседнік паспеў яшчэ і сам паваяваць – у складзе польскай дывізіі імя Т. Касцюшкі.
* * *
Такім чынам, аб трагічных падзеях, якія адбыліся на тэрыторыі Шчадрынскага сельсавета ў гады вайны, сведчаць помнікі і магілы загінуўшых мірных жыхароў. Але памяць аб ахвярах фашызму жыве і ў сэрцах іх землякоў.
Мікалай ШУКАНАЎ.
На здымках: уверсе – Я. Вісаковіч (злева); Т. Шчура; унізе – на месцы расстрэлу шчадрынскіх яўрэяў.
Фота аўтара і з архіва «НД».
Аўтар выказвае падзяку работніцы Шчадрынскага сельвыканкама Надзеі Міхалюк і мясцоваму краязнаўцу Ганне Грыньковай за садзейнічанне ў зборы матэрыялаў для артыкула.