Вёска Навозы: адраджэнне гістарычна-рэлігійнай спадчыны
Тэкст артыкула на сайце Catholic.by ад 8.07.2019. Тэкст: Кс. Аляксандр Улас, Анастасія Грышан / Фота: Анатоль Бандарчук-Вошлаў
Навозы — вёска ў Жлобінскім раёне Гомельскай вобласці. Сёння жыхары гэтай вёскі, дзе засталося толькі шэсць дамоў, і іх нашчадкі заклапочаны захаваннем спадчыны.
Невялікая група людзей вырашыла аднавіць гісторыю вёскі. Быў створаны блог пра яе, куды збіраецца інфармацыя пра Навозы, пра тых, хто там нарадзіўся, каб скласці радавод. Таксама пачалі пісаць кнігу пра гэтую вёску.
13 ліпеня адбылася сустрэча тых, хто жыве ў Навозах сёння, а таксама іх дзяцей, унукаў, якія ўжо жывуць у іншых месцах.
Пра гэтую падзею і пра тое, як ідзе працэс адраджэння спадчыны вёскі, распавялі Catholic.by удзельнікі сустрэчы Анатоль Бандарчук-Вошлаў з Віцебска і яго сваячка Юлія Карапатнік з Мінска.
Па словах Юліі, вёска была заснавана дзядзькам Кастуся Каліноўскага. Яе назва азначае, што заснавальнікі прыехалі туды на вазах. Спачатку, распавяла Юлія, там жылі толькі Каліноўскія, і гэта было невялікае паселішча, якое з цягам часу пачало разрастацца і дапаўняцца іншымі родамі — Савічаў, Некрашэвічаў і іншых, якія прыехалі туды потым.
Людзі, якія нарадзіліся ў гэтай вёсцы, стараюцца захаваць яе гісторыю. «Каб было нешта важкае, што можна перадаць сваім унукам, праўнукам», — адзначае Юлія.
Як кажа яна, першапачаткова ў Навозах жылі католікі, якія былі палякамі. Калі ж у савецкія часы пачаліся рэпрэсіі, людзі, якія пабывалі ў канцлагерах, «адмаўлялі сваю польскую прыналежнасць, просячы, каб іх запісвалі ў дакументах як беларусаў». Такім чынам, некаторыя з насельнікаў вёскі засталіся палякамі, некаторыя запісаліся як беларусы.
На сустрэчу 13 ліпеня прыбылі нашчадкі жыхароў Навозаў з Гомеля, Смаргоні, Віцебска, Мінска, з блізкіх вёсак і нават з Санкт-Пецярбурга. У межах сустрэчы адбылася на мясцовых могілках святая Імша за памерлых з гэтай вёскі.
«Гэта нашы карані. Калі ў расліны адрубіць карані, яна засохне. Так і ў людзей: адрубіць карані — і не будзе чаго перадаць нашчадкам», — заўважае Анатоль.
Цэлебрацыю Імшы ўзначаліў кс. Аляксандр Каліноўскі з роду Каліноўскіх, які зараз служыць у Казахстане.
У гэтай вёсцы, як распавялі Анатоль і Юлія, пахаваны яго бацька, жыве маці, і на адпачынак ён заўсёды прыязджае сюды.
Пасля Імшы кс. Аляксандр благаславіў магілы. Пры ўездзе ў вёску загадзя ўсталявалі крыж, які таксама быў благаслаўлены ў гэты дзень. Затым прысутныя сабраліся ў маці кс. Аляксандра, абмяркоўвалі праект будучай кнігі пра вёску, дзяліліся ўражаннямі, расказвалі пра сваё дзяцінства, юнацтва, родных і вырашылі сабрацца таксама ў наступным годзе, і, магчыма, не адзін раз.
Такія сустрэчы адбываюцца ўжо не першы год. Ксёндз Аляксандр Каліноўскі дапамагае тым, чыё жыццё звязана з гэтай вёскай, сабрацца разам, з’яднацца, адзначае Юлія.
Адна з мэтаў сустрэч — успамін пра сваіх памерлых і малітва за іх. Другая мэта — стварэнне кнігі пра Навозы. Трэцяя — стварэнне дрэва сям’і, перадача традыцый, культуры, якія існавалі ў гэтай вёсцы, песень, якія спяваліся ў ёй, кулінарных рэцэптаў, якія прыдумвалі мясцовыя жыхары. «Каб аб’яднаць усю гэтую спадчыну і перадаць сваім дзецям», — тлумачыць Юлія.
«Мы адзіная сям’я, — дадае Анатоль. —
Мы сабраліся — людзі, здаецца, з розных ужо сем’яў, але былі ўсе разам, разам маліліся і прасілі Бога за душы нашых продкаў, прасілі, каб Ён нам дапамог адрадзіць усё гэта».
Адрадзіць, у тым ліку, і мясцовыя могілкі, дзе шмат старых закінутых магіл.
«Трэба аднаўляць гэта, бо гэта нашы карані», — перакананы нашы суразмоўцы. Яны спадзяюцца, што спадчына будзе адраджацца і спрыяць таму, каб мы, пазнаючы саміх сябе, пазнаючы сваіх продкаў, маглі ў будучыні існаваць.